| цытатнік |
[Jun. 28th, 2009|12:45 pm] |
|
"Калі ж табе высыпацца? У цябе ўсё жыцьцё - хлопчыкі, цыгарэткі..." |
|
|
| Задыякі, забіякі і мая родная сятра ТЗ |
[Jun. 27th, 2009|01:29 am] |
Паколькі З. не дае мне лішніх нагод спадзявацца, што нашая агульная фэстывальная фотахроніка хоць калі-небудзь вываліцца зь ейнага фотапарату, і я змагу праз павелічальнае шкло разгледзець прыроду і тэкстуру сябе ў той дзень, калі вецер сплятаў рыбныя сеткі зь нямытых валасоў, а на нагах матляліся хусткі-самабранкі, я буду помсьціць і пісаць пра ўсё наогул ўсю праўду. Пакуль не засну бадзёрым сном бранхітніцы, ясная рэч.
Сёньня вось, да прыкладу, раманцічаскі вечар са сьвячамі і шклянымі блінчыкамі. Гейская кавярня, у паветры не гучыць альбом Thriller, у сьвеце не здарылася нічога страшэннага, у сьвеце наогул нічога ніколі не здараецца. (Чаму кожнае аўтаномнае месца прыёму ежы і напояў у нашым горадзе паводзіць сябе так, быццам за яго сьценамі - нічога не адбываецца, а што адбываецца - нікога ня тычыцца?) Навокал усе ў тонкіх адзёжах, стразах і леце, іх расплеценыя косы абвіваюць стройныя бакалы з шампанам і белай віннай шыпучкай, а ў куце сядзім мы - дзьве зімовыя кофты, арэнбургскія пуховыя платочкі, два поліэтыленпакеты "Еўрааптэка", два парасоны-запаскі з начосам, дзьве пары кальсон-пацісон, дзьве бабушкі з сымптомамі і дыягназамі (затое ў нас заўсёды ёсьць тэмы для размоў, от вязучыя).
- Я пішу тэксты для 500 чалавек, я не вінаватая, што іх чытае больш людзей, - кажа нехта з нас, другая пагаджаецца. - З-за таго, што ў цябе бясконцы кашаль, ты навучылася ўсе эмоцыі выражаць вачамі, - кажа З., а я ўяўляю, ці змагу ўжо вачамі апісаць што-небудзь любімае, карціну Босха, напрыклад. Ці альбом Амона Табіна. Ці распавесьці вачамі пра першую ноч на фэстывалі бітугеза, гагага. - А хто ён па гараскопе? - Хтосьці зімовы, па-мойму, - кажу я, я нічорта не разумею ў гараскопах, З. - таксама. - Можа быць, Авен? Стралец? Коля Тоўсьцік стралец, і няма чалавека лепшага! - Напэўна, ён казярог, - рэзюмуе З. - Каказярог. - Казярог, - думаю я. - Нене, гэта самы невыносны знак на сьвеце. Яны ўпартыя, яны ўсё падпарадкоўваюць асаблівасьцям свайго сьветаўспрыманьня. Прыходзіш да казярога ў палац, а там у кожным кутку - па маленькім казярожку сядзіць. І кожны загадвае, як табе быць, чым жыць, дзе спаць, пра што думу думаць, чыю душу выядаць грабельцамі. - Вы, дзевушка, саўсім ня маеце рацыі, - кажа з-за суседняга стала вялікая тоўстая сьпіна ў майцы "I love metalmusic, sunny beaches and little ponies" і паварочваецца да нас вялікім шурпатым тварам. - Што вы знаеце пра казярогаў, што вы наогул знаеце пра жыцьцё, давайце я вам пэрсанальны гараскоп забацаю, з датамі замужастваў, разводаў, мертванараджэньняў і паездак у Барсэлёну.
- Ох, не паедзеце вы ў Барсэлёну, - прарочыць мне З., яна наогул так любіць гаварыць, яна і пра галаўны боль заўжды гаворыць, што гэта мэнінгіт. - Сумнеўныя гэта ўсё паездачкі. - Твая Каліфорнія ня менш сумнеўная! - помшчу я. - Ох, сумнеўная, яшчэ больш, - кажа яна. - Нап'юцца вось спачатку партвейну, а потым здымаюць шлюх пасярод ночы, дземаны. - У іх потым ад алькаголю страўнікі баляць, і ў галаве чорная пустата, - падтрымліваю я і ўліваю ў сябе 3 кроплі бехераўкі. - Вось і адкуль вы, дзевушка, усё гэта ведаеце? - ізноў паварочваецца шурпаты ў майцы "metal pony on the bitch". - У мяне там на ганку сябры паляць, хадзем, набярэм у іх цыгарэт, будзем стаяць, пыхцець, знакоміцца...
- Перад сьмерцю Джэксана мне сьніўся Морысан, - кажа З. - Ты паглядзі, колькі тут паралеляў паміж імі. Гэта Джымі прыйшоў забраць Майкла з сабой. - Фігня! - крычу я (і кашляю: гаў! гаў! гаў!). - Калі б за ім Курт прыйшоў, ты б таксама знайшла паралелі. Хаця не, якое там. Кабэйн какашка, ён бы ніколі ні за кім не пайшоў, нікога не правёў! - Вось і я пра што! - пераможна крычыць З. - Пасьянс сыходзіцца, jigsaw falling into place! А вось Ленан - ён за кім прыйдзе? За Мадонай? Неее! - За Элтанам Джонам? - крычу я. - Ну нееее! - Іііііі! - візджым мы ва ўнісон, торгаемся, хутка міргаем і закрываем рот платочкам арэнбургскім. - УСЁ ЯСНА ЗА КІМ! Усё цяпер ясна!!!
Вечар скончаны, галоўны пазл склаўся, цяпер можна спаць сном прадавачак пшаніцы, лаўцоў у жыце.
- Дзевачкі, а вы сёстры, да? - пытаецца шурпаты ў майцы. - Сёстры, точна гавару. - Сёстры, - кажу я з пакорай. - Сёстры, - кажа З. - Усе мы тут сёстры, - кажу я на гэты раз сваімі новымі вачамі, кажу я адваленым носам старога добрага Майкла Дж, які падарыў нам ўсім песьню дзяцінства The smooth criminal.
Ну вось, а цяпер я зьвяртаюся да сваёй роднай сястры ТЗ з адкрытым лістом. Толькі фотаздымкі, фотаадбіткі пражытага, фотасьведчаньні нашых дзён змогуць даказаць нашым сябрам і крыўдзіцелям, чувакам у шурпатых майках, што мы калісьці не былі такімі пакорнымі і ціхімі. У нас былі пругкія ногі, мы білі крыўдзіцеля кулаком, мы лупілі касьцяшкамі за намёкі пра сясьцёр і на кожны намёк выводзілі ў карагод сясьцёр сапраўдных, кроўных, прыўкрасных дзеў! Усё гэта адбылося ў трох соснах ня так даўно, і апроч поўных бронхаў макротаў мы прывезьлі цэлы сакваяж неверагодных заваленых гарызонтаў. Ку-ку! |
|
|
| (no subject) |
[Jun. 3rd, 2009|12:09 pm] |
Дзяды казалі, што дзе тонка, там рвецца. У мяне, відавочна, на гэты раз ужо проста пахла дзірамі. Спачатку пачалі сканчацца грошы, потым перасталі карміць, пасьля памахаў рукой інтэрнэт, завяршылася тэлефонная сувязь, а ў нататніку з'явіўся вясёлы разварот "даўгавая яма". Гэты момант трэба проста перачакаць, робячы адразу некалькі сумнеўных халтур, гуляючы па дварах у адзіноце і гледзячы цяжкое кіно да мякка ашчэранага сьвітанку. Пасылаць сябрам шчодрыя смскі з плянамі на жнівень і выядаць месячны запаз глазіраваных сыркоў зь лядоўні. Як чалавек, ня схільны да панікі ў сапраўды панічных умовах, я не магла прадугледзець, хто наступны падставіць мне падножку. У сілу даверлівасьці і іншых беларускіх нацыянальных рысаў, я забылася загадзя раскрыўдавацца на маскаля - гэтага вечнага віноўніка нашай нац. няспраўджанасьці. А дарма!! Маскальская картачка "МТС" са скрадзеным у беларускіх майстроў яйцаквадратам паела мае грошы і на пустым месцы адмовілася працаваць, назаўжды залёгшы на свой прыпечак. Паколькі адрадзіць яе мала што пакутліва, дык зараз і маламагчыма, я зноў кажу вам "прііівет" і, калі мой гнеў ня зьменіцца міласьцю, так і буду зь ім хадзіць:
+375 29 9296821
|
|
|
| пушысты дружок лета |
[Jun. 2nd, 2009|02:13 am] |
Пачалося лета. "Прыйшло лета, трэба адзначыць", - кажа Антон. "Вікторыя Азаранка там кудысьці выйшла ўпершыню ў жыцьці", - набіраю я. "Добрага табе лета", - кажа Антон, відаць, для Антона лета - гэта ўжо проста крайняя каёмачка таго, чаго можна прычакаць ад прыроды і маладосьці. "БХК, БХД, дэлегацыя, акцыя, дзеці правы, лета", - набіраю я і "лета" прыходзіцца сьцерці, хаця куды ты яго сатрэш цяпер - нікуды. Летам можна доўга не задумвацца - позна зараз, рана, будзе дождж і ці браць з сабой кнігу, ці мець хітрыплян пры выхадзе на двор. Але самае галоўнае, што робіцца летам, гэта страшэнныя чорныя начныя матылі з вусамі і вачамі. Аднаго такога я сёньня бачыла ў сябе ў ложку ўпершыню за гэты год. Зараз ужо сьмялей - я выкурыла яго, разыграўшы сьвятламузыку і забарыкадаваўшы дзьверы спальнікам. Але ён можа вярнуцца, гэты паганы наглы чалавекападобны матыль с траваяднай пашчай, набітай шалёсткімі зубамі, падобнымі да руж. У крайнім выпадку, ягоны чарговы сатаварыш уварвецца ў мой пакой, каб зноў разыгрываць гэтую інсэктную байку пра чалавека ў начнушцы і матыля, гатовага у любое імгеньне ўлегчыся побач.
А гэта кавалачак мінулага лета.( Патоп і нейкія яшчэ рэчы ) |
|
|
| aaaaaaair |
[Apr. 26th, 2009|12:13 pm] |
| [ | muzika |
| | amon tobin - mighty micro people (дзякуй, дзякуй, дзякуй)) | ] | Калі б можна было проста вырашаць простыя рэчы. "Ты мне не патрэбны, таму oh come ooon just leave me alooone!" - казалі б мы тым, хто прыходзіць наесьціся нашых запечаных яблыкам сэрцаў, нашых слоў, крыві, плацэнты? магмы?
Я б казала: "Прабач, мне з табой сумна, мы ніколі ня будзем сябраваць", мне казалі б: "У табе недастаткова свабоды і адарванасьці, ты маркотная офісная гніль - ты не пасуеш да нашай кампаніі кругласутачных феечак!"
Сказаць "ты мне не падабаесься, ты мне не падыходзіш, не прыходзь больш сюды са сваім цюльпанам, налакотнікам і чорнымі прагнозамі трэцяй сусьветнай вайны " - лёгка і чэсна, весела і мякка, як ванільнае суфле. Але фіг наважысься на такое, пакуль не парасьце чорным траурным цюлем вашая моцная горкая сувязь. Каго мы баімся абразіць сваім адрачэньнем, адмаўленьнем ад падпіскі, калі ведаем, што, не адмовіўшыся, атрымаем цэлы непатрэбны кошык чарвівых сьліў - еш не еш усё адно памрэш (с).
Ці: "Ты патрэбны мне, бо мне падабаецца, чым ты пахнеш, як грызеш яблыкі, да таго ж у цябе голас старога сябра з дзіцячага сна. Я хачу сябраваць з табой, а ўвесь час нарываюся на сябе самую - вялікую, цяжкую, мясістую. Дазволь мне хаця б праверыць, ці ты такі ўжо паветраны, ці ты ўяўны сябра, і ніколі не падружыцца нам, ні за што".
А цяпер увядзіце сюды многа паветра, прашу вас, у нас вэндзяць асфальт, у пакоі стаіць сьценачкай бітум, пахне серай і смалой. Дайце мне дыхаць, калі ласка, прыдзіце і скажыце, што хочаце са мной дружыць, што ня хочаце са мной дружыць, бяз цырку, без непатрэбнай містэрыі місандастэндынгу. Бязь лішняга, без падманлівых жэстаў, без крыўдных намёкаў, без празрыстых усьмешак і змоўніцкіх падгляданьняў з-за куста і высокай рудой травы-пэнсіянэркі.
|
|
|
| Займацца |
[Apr. 23rd, 2009|01:26 am] |
Можна, вядома, казаць "займацца сэксам", але няма патрэбы - самое слова "займацца" ўжо зьмяшчае ў сабе ўвесь пасьцельны семантычны бутэрброд - жарсьць, зайчыкі, мыцца, маяцца, цапацца, чапаць, чапляцца, аяяяй. Мова-здрадніца, эратычны кот, задавольвае сябе сама, у ёй столькі гэтага чужога і зіхоткага.
Мяне тымчасам займаюць адарваныя ад вясновай эротыкі рэчы. Я думаю пра тое, што пара выдзіраць з хрумсткай грудной клеткі таўсталапага павука, які сплёў арэнбургскі платок з маіх нэрваў і пажор усіх матылёў. Але для гэтага мала ісьпіць яду, які я і так кожны дзень уліваю у сябе то буршынавымі кроплямі, то крыштальнымі шклянкамі. Для гэтага, як мінімум, пара ізноў зьвярнуць з гравейкі на лясную сьцежку, састрыгчы грыўку, зрабіць манікюр, сабраць рэчы і палічыць старонкі ў пашпарце. Колькі разоў за жыцьцё чалавеку наогул можна пачынаць усё з нуля, з пустой старонкі, з новай дарогі, з баннага ліста, з дыннай раніцы ў дымным задуменьні?
Тут стала невыносна, а яшчэ і намёку не было на зьнічтажальную сьпёку і белых камароў, што, як тонкія шпрыцы, наліваюцца пунсовым і лятуць множыць сваё караткалецьце. Мы ператварыліся ў суцэльную бальнічку. Мы зьбіраемся, каб гаварыць пра ўколы і псыхічныя памяшальніцтвы, пра гімнастыку і грацыёзныя анэмізматычныя падзеньні на рукі суседу па тралейбусным дэпо. З намі нават Руся гаворыць пра фурункулы і косьці, з намі усе хочуць сьвятаяньнік, іван-чай і многа снатворнага, каб прачнуцца, калі ўжо слупок тэрмомэтра - не ніжэй за 15 ні днём, ні ўначы. Нам па 80, па 90, думаю я . Мы эмэрыты, у нас няма татуіровак і штангі ў языку. І мы сядзім на краі турэцкага яру, у нас за сьпінамі туркі з іглістымі бародамі п'юць гарбату з гарэлачных кілішкаў, а наперадзе, у прорве, праплываюць дэдмэнам прыгожыя сцэны нашага школьнага і універсітэцкага жзл. І на сьвеце ў гэты момант ёсьць толькі я і Саша - дзьве жанчыны перад безданьню, за сэкунду да псыхапатычнага выбуху, за імгеньне да шчасьлівага сытнага сталеньня. Затое я амаль навучылася катацца на ровары і казаць польскія "сь" і "ць" без віленьчучнай мяккасьці. Цяпер я зьбіраю на ровар і яшчэ кое-што. За ежу, вядома, машыну вам не памыю, а вось за пару соцен магу зрабіць якое-небудзь пісьмовае заданьне (я б нават сказала скарочана - пісьзаданьне, каб даказаць, колькі ў словах і соку, і мякаці). Дабранач, дарагія сябры, а зараз у нашым эфіры - усезасмоктвальная круглая дзіра. |
|
|
| (no subject) |
[Apr. 14th, 2009|01:40 pm] |
Tanya's 29 and she flyes to America.
З. атрымала візу, "еслі это кого-нібудь інтересует". Я атрымала новы юзэрпік, яго мне зрабіў муж Халопік, якому, як і мне, ня хочацца працаваць у гэты радасны і пахмурны шэры бязьветраны і бязьлюдны дзень. Фотакартачка з гораду Берасьце, не фотасэсія для часопіса Фобс, канешна, але нейкі рух у гэтым ёсьць. |
|
|
| holy holy |
[Apr. 8th, 2009|12:22 pm] |
Па-першае, учора Кле, звадзіўшы нас на гераічны эпас "Карась Бульба", сказаў, што людзі дзеляцца на прыхільнікаў Джармуша і Грынуэя. Я з гэтым катэгарычна нязгодная, хаця калі што, то я Грынуэй, безумоўна. Яшчэ меркаваньні?
Па-другое, сёньня раніцай у мяне здарыўся катарсіс. Іванафранкійка Мар'яна, зь якой я пазнаёмілася ў цягніку Варшава-Ммммууу, распавядала мне пра касьцёл у Багеміі - увесь з чалавечай косьці, чалавечаю косьцю падпярэзаны, касьцяным іканастасам устаўлены, убраны, упрыгожаны. Я вырашыла яго пашукаць і знайшла нават больш чым трэба, каб увайсьці ў хрысьціянскія жах і захапленьне чалавечымі рэшткамі.
От вам, калі ласка, кастніца Седлец у Кутнай Гуры, карона з чарапоў, дзела рук Францішка Рынта, які аднойчы памяняў рэзку па дрэве на рэзку па чалавечым шкілеце.

( Готыка, галгофа, bones bones bones ) |
|
|
| сьвежасьць |
[Apr. 4th, 2009|02:07 am] |
Я б так хацела вылечыць гэту мніцельнасьць і забыцца на самую фармулёўку "справа ў ва мне". У ва мне няма справы, у мяне няма спраў - наперадзе 2 выходныя, пахне сабор, правалены пад зямлю на вул. Мяса, горла прагне песьні, сэрца прагне біцьця ва унісон. Ціск 108/60, тэмпература 36.5, ад літру безалькагольнага піва накаціла безалькагольнае ж пахмельле. Мне зараз хочацца і песен пра нэўроз, закутаных у песьні пра сэкс, і песен пра любоў, закутаных ў песьні пра дварняжак. І закутаць маладога Антона Юркаўца ў клетчаты плед ды вязкі раман. Каб у доме пахла какаваю, а за вакном шалясьцела крыламі якоесьці нардычнае мора. |
|
|
| life is full of music and television |
[Apr. 2nd, 2009|11:38 am] |
У сілу абвостранага ўспрыманьня адзіноты і людзей, узросту "за 20" і іншых матэрыяльных і нематэрыяльных складнікаў майго прасыпанага крупой на падлогу жыцьця, шукаю чалавека (двух чалавек), каб разам здымаць 2(3)-хпакаёвую кватэру з аўтаномнымі пакоямі. Калі сярод вас знойдзецца нехта падобны (або той, хто ўсё яшчэ разважае над падобнай магчымасьцю), пакідайце камэнтары з тэлефонамі і мэсэнджарамі. Камэнтары, калі што, скрыняцца-скрыняцца. |
|
|
| Вава, Барбара, Бася. Заечы хлеб. |
[Mar. 11th, 2009|01:25 am] |
| [ | muzika |
| | pustki - pamylka | ] | Мае дарожныя нататкі пакуль рассыпаюцца крохкім заечым хлебам па знаёмых вачах і халодных белых вокнах электрычных мэсэнджараў і электроннага паштамту. А трэба б сабраць крошкі і зноў зьляпіць сытны піражок. Жыцьцё поўнае - яно нават не зьмяшчаецца ў мяккі алюмініевы падстаканьнік юбілейных маскоўскіх ж/д.
Маскоўскія ж/д накармілі мяне рускім зэфірам, вялізны чорны мужчына ў індыйскай піжаме камічна заштурхаў пры клаўстафобскай прыбіральні. Я слухала песьню чыгункі і крэмзала ў блакноце - у мяне наперадзе, як заўжды, былі тры дні, зь якіх на разьвітаньне няшкода выдзеліць хіба што апошніх пяць хвілін на каналізацыйным варшаўскім вакзале. Астатняе - поўны прывет, мглістая вясна сустракае прапаленым аўтамабілем, згорклымі песьнямі Морысі і кубанскіх казакаў. Можна тапіць вялікія пругкія трускалкі ў прорве рта, боўтаць нагой, не задумвацца пра галаўную блытаніну і ніткі аўтастрады, якія ніколі ня скручваюцца ў закрэнцоную фрытку.
У Ваву я прывезла з сабой каляндарны плэйбой "Сеня-2009" з салодкай Сітнік, якая рассоўвае летнія яблычныя ножкі і рамантуе аўтамабілі мурзатымі лаліцінымі пальчыкамі. Плэйбой выклікаў ажыятаж - пад вокнамі адразу сабраўся натоўп засьмяглых па вытанчанай крэсовай пэдафіліі кармяных мужычкоў.
У бюджэтнай кафэфайцы, каторых у нэтрах залатога турысцкага новага сьвяту з нямецкімі дзядамі - процьмы, нам пракруцілі альбом М.І.А. ад пачатку і да канца, мне прыйшлося гуляць у ейнага біёграфа і на хуткую галаву ўзгадваць усе прагледжаныя цяжарныя інтэв'ю. Я ўцяміла толькі, што ніколі гэтая балівудзкая гангста не гучала так дарэчы, і цяпер нам абавязкова трэба патрапіць на ейны канцэрт. Потым мы пачалі гуляцца ў Барбару Моргенштэрн і Руфуса Уэйнрайта, гэта добрыя супэргероі - мы сапраўды падобныя да іх, кропля ў кроплю (нават фота ёсьць, дайце ж хто-небудзь кабель для фотаапарата:).
Купіўшы і разгарнуўшы сакавіцкі нумар попкультурнай макулатуры "Machina", на першых яго старонках у рубрыцы "дэбют - сёньня першы раз на сцэне" мы знайшлі растафарыянскага Карпа з гітараю і прыпіскай пра тое, што інды-музыка бывае ня толькі ангельскай і польскай, а пець ла-ла-ла можна з сэнсам і на дзівосным беларускім говары. Хто хоча зірнуць - нумар я загарнула ў ахайную паперу і схавала ў сэйф са школьнымі валянцінкамі. Вось і сталі пышнымі зоркамі дзеці нашай зямлі-сьлязы!
Потым мы патрапілі на канцэрт гурта "Пусткі" с дзяўчынкай-пятачком Басяй у галоўнай ролі. Я спачатку ня верыла і ўпіралася, ламалася, удавала занепрытомнелую, але пайшла і ледзьве не разрадзілася кацянятамі. Ну хто калі мог падумаць, што ў іх бываюць дзеўкі, якія пяюць нашымі мазгамі? Цяпер я буду глядзець саплівым вокам у бок Сашы Бо і прасіць, каб ён даставіў гэтую вар'яцкую мэлянхалічную піцу да нас на дом - у наш няветлівы горад-пантагруэль М., куды дагэтуль не прыйшла вясна-ўдарніца.
Затое, трэба адзначыць, у акольныя лясы яна зайсьці пасьпела. Павесіць пару шышачак-красавіц на лысыя галіны вальшыны, чарамшыны, вальжыны і белшыны. Нават паездка-фэерверк на трэцяй паліцы беларускага цягніка не пазбавіла мяне ад вясёлай сеннай ліхаманкі і задуменных алергічных саплей, якімі цяпер замест састарэлых пачуцьцяў сяброўства і любві я магу злучыць у адное цэлае ўсіх вас! |
|
|
| Безь цябе і безь мяне... Але нешта ў гэтым ёсьць! |
[Feb. 22nd, 2009|11:45 pm] |
Пакуль Робэрт дарасьлеў і выкідаў прасьмерджаныя марыхуанай кашулькі ў трэшбокс, "Сьцяна" стала граць як The Music, месцамі яны наогул распушчаюцца ў электрычным тэхна і ператвараюць падлогу ў дыскатэчныя кубікі. А месцамі яны выдзіраюць з гэтай падлогі, да прыкладу, мяне, і мочаць мне валасы тым беластоцкім дажджом каля kawiarni FAMA, і піхаюць мяне з усяе сілы ў масьляністыя летнія кусты, у глеістую глінку, у цёмрашальскі сэрпантын ракі Страча. Ці ў ва ўсіх ёсьць музыка, якая так ясна адлюстроўвала б іх асабістае дурное становішча і пачэсны пасаг у гэтым сьвеце? Калі б можна было выратаваць гэты гурт ад усяго дрэннага, я б гэта зрабіла. Гэта не зусім фанацкі пост, гэта не прызнаньне ў любові да пяці нашых трунаў. Я радуюся, што ўсё зьмяняецца, але нешта - толькі ў лепшы бок. Мы бууудзем бууудзем, мы бууудзем бууудзем. |
|
|
| Флэшбэкі. Гурт “Сьцяна”, 20, 21, 22 |
[Feb. 21st, 2009|01:26 am] |
Я ведаю, наколькі глыбокая людзкая абыякавасьць да маіх пэрсанальных герояў. Трохгадовы дождж у Маконда, песьня “Tavo” гурта SEL, песьня пра ваду з двух бакоў Андруса М. (я памятаю, як усе рагаталі з падлеткавым прыхлюпваньнем, калі я падпявала аўтамагнітоле: “Jei leisi akis… А- ааа...”), ніхто ня любіць, як я, Сімоны дэ Б. і рабаціньня на носе Эрыкі Джэнінгз, каторая ў мае 13 прызналася, што яе завуць e-boooooogie (фіговае патрасеньне, скажаце, для 13-гадовай анэмічкі з пазакусванымі да зарубак вуснамі?). Бадай што, у шэраг таго, што заўсёды падсьвечвала мяне знутры, а іншым было да мяккага задняга месца, я ўпішу берасьцейскі гурт “СЬЦЯНА”. У Польшчы ёсьць яшчэ гурт “Сьцянка” – гэта розныя рэчы, я ведала, што ўсім хутчэй вядомы той другі, а яшчэ больш – гурт IQ48 і кібербалет “Тлуста Луста” (у інтэрнэце заўсёды дзікаватыя азначэньні іх стылю, зрэшты, я іх ніколі ня чула).
А вось СЬЦЯНЕ ўжо 10 год, і вы ня чулі яе таксама, ну і чорт з вамі. З-за вас у мяне няма іх постэру – таму што вы дагэтуль ня сталі аўдыторыяй, на якую робяцца элементы рэлігійнага культу і сэксуальнага фэтышу.
СЬЦЯНУ мне паказаў К. на першым Басовішчы ў маім жыцьці. Мы тады былі яшчэ такія маладыя і такія прыгожыя, я раняла вобземь дзеньнараджэнскія сьлёзы і замотвала іх у даўгія пасмы русых валасоў, а К. прывёў мяне ў фанзону і сказаў, што зараз я зразумею, чаму СЬЦЯНА. І я цягнула праз саломінку піва “цыцкі” з сіропам, а сьценка на сьценку рашуча ішла ў абодвух паўшар’ях маёй юнай галавы. Потым здарылася тое, што не забудзеш ніколі – вакаліст СЬЦЯНЫ прыйшоў да нас за сцэну, піў з намі піва і доўга кепска сцэджваў польскія словы для нас, палякаў. І мы ламалі языкі і корчыліся ў лінгвістычных патугах, пакуль не высьветлілася, што Паша зь Берасьця, а мы – з Партызанскага праспекту мёртвага і выпаленага гораду М. Чэсьць.
Зараз К. стаў ісьцінным палякам і блытае ўсе словы наяўных славянскіх моў у дзіцячы суп-пюрэ, а я так і засталася анэмічнай малалеткай з дненараджэнскай сольлю на шчаках. Мы перажылі яшчэ некалькі дурных Басовішчаў, прыгожы наркаманскі канцэрт у катакомбах, а яшчэ СЬЦЯНА выступала ў Беластоку пад праліўнымі дажджамі, за шчыльнай СЬЦЯНОЙ дажджу і летняй непагоды. І цяпер мне трэба, каб вы схадзілі са мной на іх канцэрт у нядзелю. Адгукніцеся.
Ты будзеш небам – я буду ў небе ГОСЬЦЬ Шкада, што неба (тых-дых-дых-дых-дых-дых) ЁСЬЦЬ! |
|
|
| Вішня, Маліна, Барсэлёна |
[Jan. 24th, 2009|05:22 pm] |
| [ | muzika |
| | Morissey - I'm Throwing My Arms Around Paris | ] | На сёньня ў ва мне скончыліся ўсе словы, і я стала зусім падобнай да Вікі з гэтым адвечным веданьнем толькі таго, чаго я дакладна не хачу. Усё гробіцца - субота, цішыня, наша калісьці такая разьвясёлая крыклівая плаксівая маладосьць, запечаныя тортам берагі тых вымараных мораў, вымераных і стокротна парушаных мераў у алькаголі ды непатрэбнай пяшчоце. Пакуль мы сьлепімся ў экраны і выгаворваем таксоўшчыкам "рулявой 2 шчотчыка не газуй" свае поўныя фантазій галовы, паўнагубая Скарлет перажывае за нас нашую летнюю Барсэлёну, наш Парыж, і робіць гэта так бяздарна. Ну, мы б зрабілі лепш, мы мала таго што красавіцы, дык яшчэ і рэдкасныя неамэрыканцы. Мне б надзьмуць галаву на нейкі час і пусьціць туды дзьвюх бліскучых залатых рыбак. І дастаць гэтую іглу, гэтую шпагу-пісталет, якую я самавольна глытаю штодзень і штоночы, госпадзі. Прыводжу незамыславатую цытату з песьні, на якой зараз сяджу:
Im throwing my arms around Around Paris because only stone and steel accept my love
Im throwing my arms around Paris because
Nobody wants my love Nobody wants my love Nobody needs my love Nobody wants my love |
|
|
| 23 |
[Jan. 16th, 2009|12:30 am] |
Мне ўсё здавалася, што дзень такі несканчальны, што дзень доўгі, як жэлацінавы чарвяк, і я пасьпею шчоўкнуць сьвятло і ўвайсьці з пылаюшчым ад сьвечак тортам-безэ. Я трохі правароніла, але гэта няважна. Уваходжу з тартом, увага.
 Гэта і ёсьць Варсінкі і Кашлікаў (варсінкі яшчэ бляндынкі, антон пакуль молад і зусім побач), цяпер нам некаторы час будзе аднолькавая колькасьць год. Калі хто не разумее, гэта мой сябра, адзін з галоўных сяброў у жыцьці. Хэпі бёздэй, хэві мэтал! |
|
|
| (no subject) |
[Jan. 3rd, 2009|12:55 am] |
|
- Вы - анархист-индивидуалист? |
|
|
| знайдзі мяне і сябе заадно |
[Dec. 22nd, 2008|08:51 pm] |
Таварышчы, я з радасьцю паведамляю вам пра тое, што маё маўчаньне не азначае нічыю перамогу! Я жывая і цалкам у Менску, проста, як заўсёды, я пасеяла тэлефон. Цяпер мяне можна бесперашкодна знайсьці па нумары +375 29 9296821. Званіце, я скажу вам тое, што напісала на картачцы - пріііівеееет. І нумары ў каментары, ведаю, ведаю, я прасіла пра тое ж роўна год таму, але тады тэлефон скралі, а нас пабілі, а цяпер больш-менш нічо. Каментары хаваюцца, калі што. |
|
|
| i kotek i piesek |
[Nov. 28th, 2008|01:48 am] |
Наша гадзіна наставала і пераставала. У горад прыязджаў ван дэр Ваарт, ён быў у кроку хады, пакуль вароны-мінчанкі сьлеплі на лысых галінах у футбольных сафітах. У гэтыя хвіліны я залазіла ў доўгі, як матчын свэтар у дзяцінстве, аўтобус нумар 37, а Насьця пісала мне задуменнае пасланьне, агульным сэнсам якога быў нязьменны і бездакорны галяндзец Рафаэль ван дэр Вэ, зь якім у гэты гістарычны момант мы ў пэўным сэксе гэтага слова былі цэласьць - менская ўзвышанасьць, мінскае "Узвышша".
Я ведаю, хто бачыў Рафаэля вэдэВэ на ўласныя вочы - Мар'яна глядзела на яго - о, я ўпэўненая! - не адрываючы сваіх каштанавых вачэй, сваіх вачэй колеру кока-колы, колеру чакаляды, чарназёму, чарніц - чарцей! Мар'яна - гэта мой цягніковы фетыш, мая дарожная любоў, украінка з Івана-Франкоўску, што гаворыць па-беларуску, быццам маці пры калысцы чытала ёй "Лябірынты" Ластоўскага, а ў трэцяй клясе прымушала вучыць Гарэцкага на памяць. Мар'яна, якая кусала вусны на вачах у соцен польскіх мытнікаў, што зьбіралі сьлёзы ў кулак і ішлі вешацца, назаўжды схаваўшы ейны вобраз у тоненькай сетачцы павек! Мар'яна, што нічога не баіцца, Мар'яна, што ведае польскую лепш за паляка і кахае Азэрбайджан гіганцкай кавуновай любоўю.
Я не Мар'яна, я дурышча. Учора я марна спрабавала падарыць цудоўнаму Антону С. шчасьце размоў пра кіно, праўда забыла і назву і год, і сына і доч, а ўначы зразумела, што глядзела кіно пра Сільвію, толькі ў адзін кошык з Сімонай яе не пакладзеш, бо Сімона была шчасьлівай, да таго ж у яе быў муж Жан-Поль.
А на дварэ тым часам лютуе крызіс, і хутка мае пасьпяховыя сябры-эмігранты вярнуцца, каб разам сеяць неўрадлівую глебу айчыннай журналістыкі буйным кракадзілавым зярном, або зварваць новыя мультыплексы за 3 мільёны штомесячна. У мяне ж, каб вы ведалі, ёсьць 2 пакеты акрылу для тканіны, таму нават у самы жорсткі калапс і фінансавую сраку я ўсім наразмалёўваю тону падарункавага сэканд-хэнду. War is over, усё такое.
А цяпер апошні фотаздымак у вісакоснай восені. Cheeeeeeeeeeeeeese
 |
|
|
| navigation |
| [ |
viewing |
| |
most recent entries |
] |
| [ |
go |
| |
earlier |
] |
| |
|
|