?

Log in

No account? Create an account
варсінкі і Кашлікаў [entries|archive|friends|userinfo]
freakadelka

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

brzegi czarno-białych zdjęć [Aug. 24th, 2012|12:20 am]
freakadelka
Усё ж некаторыя сюды пішуць, падазраю, што гэта засталіся сапраўдныя пісацелі і грэх не прыльнуць да іх нябачнага мітынгу. Мне прыйдзецца крыху пакруціць унутраны вінцік, каб ізноў блішчэць у гэтых хоць і жыдзеюшчых (ад рускага слова "вадкі", жыды не пры чым), аднак жа і стылістычна, і жанрава натуральных, а нават і свойскіх радах. Хаця цяга да таго, каб было натуральна і паменш цюнінга - гэта олдскул, я маральна на яго настроілася. Мне ўсё ж 27, сёньняшнім падвальным супергуртам будучыні прыкладна на 10 менш.

Я пазнала выхаваўча-пакаленчую паразу, калі аднойчы ўвечары вырашыла, што Зоя ўжо дастаткова дарослая, каб з мультфільмаў пра гадзенькіх дзевачак і кліпаў Рэгіны Спектар пра бытавое выйсьце на дах перайсьці да пазнаваўчай дзейнасьці ў сфэры музычнага відэавідовішча. Але канстатую жопу. Б'ёрк у маёй любімай песьні unravel - для вачэй ясных і незагартаваных проста страшны павук, які ўе нэонавае павуціньне, Ёнсі з гурта Ройксопп перажыў кафкіянскія нягоды і стаў жудаснай (зноў жа, не маімі вачамі) птахай з калючым пер'ем і злымі вачамі, параноід андроід гэта ж наогул порна xxx - там толькі сіські і бабкі, я і ня бачыла ніколі, гледзячы сваімі дабацькоўскімі вачыма. У дзіцячым кліпе эмджыэмці пад назвай "дзеці" монстры (і не такія, як на вуліцы сэзам) мучаюць малыша-краватачніка, абглодваючы яму костачкі. Карацей, Зоха напалохалася і зараз з упартасьцю паўтарагадовага патрабуе толькі "уан-ту-фры" ў выкананьні зоркі ўсіх груднічкоў Фэйст і песьні ўжо згаданай Спектар пра "камін-камін шоў-шоў-шоў" (хотэл сонг, добра, што пакуль ня трэба перакладаць усе нюансы тэксту).

З рэчаў, якія мяне дадаткова зьдзіўляюць, бадай яшчэ тое, што Зоха любіць тоўстыя кнігі без карцінак, яны яе куды больш цікавяць, чым ўсе гэтыя каляровасьці з заечымі вушамі, вужачым шыпеньнем і карамельным пахам.

А напасьледак я скажу, што білет на Торы Амос каштуе 100 еўра. Гэта, бадай, галоўнае перажываньне вечара. Ейныя кліпы ўвогуле не цікавяць недадвухгадовых, зрэшты, і кліпаў тады не было. Затое тады былі мы.

Зрэшты, мы ёсьць і цяпер, вось у чым парадокс.
link12 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

зялёныя [Mar. 18th, 2012|12:27 pm]
freakadelka
Я гляджу на гэта ўсё, і нават не зьдзіўляюся ўжо таму, што ўсё зьмянілася, сьвет перагарнуўся набок. Паў прыносіць са сваёй залатой работы торбу малюпасенькіх бутэлечак ігрыстага зялёнага піва "лех", названага ў гонар гіблага прэзідэнта. (Можа, усё пачалося зь яго падзеньня, з гэтай клятай смаленскай катастрофы?) Дык вось, Паў прыносіць, а ў самой сумныя чырвоныя нагавіцы і сьлёзы ў вачах. Мы стаім звонкім строем і пераконваем яе, што ўсё будзе аБУЕННА, э! Але яна ўжо ня верыць, таму што па крывізьне вачэй ёй усе 42, усё памянялася, усе цяпер старыя і пераважна бяруць жыцьцё ў крэдыт. Яна выпівае торбу зялёненькіх і назаўтра атрымлівае вадзіцельскія правы. Я кручу вусны ў бант: я не люблю вадзіцельскія правы, і ўвогуле ўсю б зямлю аб'язджала на трамваі, каб трамвай іпрарэзалі праз усю зямлю.
Як сюды пісаць яшчэ? Калісьці гэта была калыбель шчырасьці, а зараз я нават сумняюся, што тут нехта сядзіць за кустом, гатовы памахаць табе пушыстай галінай з сонным веснавым коцікам.
Зь іншага боку, мне можна і не махаць. Пасьля таго, як са сцэны мне памахаў Том Барман, чый пацалунак да гэтага часу пячэ нямытую цягам доўгіх гадоў вымазваньня ў непатрэбныя гісторыі шчаку і сьпеў тое, што я нават і баялася чакаць.
And then she said: "and have another cigarette"
I tend to forget (but anyway I don't smoke that shit)
And hoisted the flag
but it keeps hanging down
Пасьля таго, як, пераплюнуўшы ўсе абяцаньні, ён практычна ўварваўся да мяне дадому, выпусьціўшы колца цыгарэтнага дыму ў мерзлаватую вясну на вуліцы двух лётчыкаў. Ня Даруса і Гірэнаса, іншае.
Так, мой дом зараз невядома дзе, я ўжо сама не надаю гэтаму ніякага значэньня. Дзе тая Беларусь, куды мы ўсе мусім, як ноевы пары, вяртацца па круглым бліскучым тэрмінале... Учора я размаўляла па тэлефоне з Аленай Каваленкай, яна была спакойная, як чалавек, якому трэба стаяць нават тады, калі ўсё навокал сыплецца, крышыцца трухой і шчэпкамі. Чалавек у сітуацыі Хомскай бамбёжкі, чалавек на даху дамка з рысу ў хаасе Хакайда і Хансю. Алена - Алёнка з шакаладкі. Дзяўчынка, што стала тылам сьцяганосца. Але ўсе словы тут недарэчныя. Як і пажаданьні хуткай сьмерці ўсім мучыцелям, як маё бясконцае зьдзіўленьне: чаму кепскія працягваюць у часе, калі добрых больш няма... Гэта ўсё жыцьцё, у ім няма справядлівасьці, і дабро тут жыве столькі ж, колькі вельмі тонкі сасуд на краі стойкі ў людным бары. Гэта жыцьцё, сэнс якога толькі ў зараз, ня ў плянах, не ў срачы з офісным зьміем, ня ў марах праз тры гады даклеіць да кватэры гаўбец і пакой для няні. Не ў параўнаньні посьпехаў чужых і сваіх. Ня ў тым, каб быць тоўстым, тонкім, ці дакладна гэткім жа, як 10 год таму, там, на траве парку Чалюскінцаў, глытаючы першую гарэлку ў жыцьці. Не, не.
We will chasing ghosts away
You and me together
Today
link2 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

boyz and girlz [Jun. 20th, 2011|12:13 pm]
freakadelka
[Tags|]

Вернемся да нямодных сродкаў апавяшчэньня грамадскасьці. Вось вы цяпер усе на фэйсбуку, а ён толькі што зьеў палову майго злоснага поста, ну і чорт яго бяры.

Нічога ў сьвеце ўжо не адбываецца проста так. Паглядзеўшы відэа зь нейкіх лаўрачэстваваньняў, дзе Мішэль Абама, Барбара Стрэйзанд і, што самае невыноснае, БОНА З ГУРТА U2 а веры праўд з нагоды дасягненьняў дзіцяці лёсу Бейонс, і дзе потым гэта сама Б. падазрона ў духу мелкай шры-ланкійкі M.I.A. руліць сьветам разам з гутаперчывымі дзевачкамі


, я расстроілася з-за Боны і вырашыла для загойваньня ран перагледзець кліпы М.І.А. Тут і высьветлілася, што мужык і "лепшы сябра Бейонсе" Jay-Z калісьці рэміксаваў песьню шры-ланкійкі BOYZ пра ваяўнічых пацаноў, а цяпер Бейонсе на правах першаадкрывальніцы крычыць GIRLS. Што кепска ляжыць, тое крадзецца, што не крадзецца, тое купляецца.

link1 не пасаромеўся|зьесьці ягадку

Ўжо півоні расьцьвілі... [Jun. 8th, 2011|11:37 am]
freakadelka
Чым далей ў цішыню, тым складаней уключыць фонам радыё, дастаць зь пенапласту адкладзеныя для шчасьлівых дзён ракеткі і валаны, распакаваць з навагодніх паперак зь ёлачкай свой дзень і прасьвідраваць у ім сотню дзір, каб сьвятло лілося мякка, мыльна, мерна, тонкімі струнамі. Як у Маёвай максімавай песьні і кліпах Джаміраквая. Джаміраквай, між іншым, прыедзе да нас празь дзесяць дзён, але я баюся сустракаць яго зь вянкамі, каб раптам неўзначай не наклікаць новыя перуны, якія ўсё скрышваюць у булку тарту, якія ўсё зьбіваюць у схабовы. Пасьля якіх скрыні аціхаюць па кутах разам са сваім падарункавым нутром, пасьля якіх рука ссыхаецца ў курыную лапку ад бязьмежнай немагчымасьці напісаць хоць слоўка.

І май прайшоў у благасьці і цемры - якіясьці іншыя ў ім рэзалі запясьці, мы ж кроілі бурак, варылі булён і сядзелі за белым сталом з халоднымі нацюрмортамі са збанка і цьвятка радзімы. А зараз каралюе на інаўгурацыйным афтэпаці новае лета, сьпякотнае і першае такое ў жыцьці, незваротнае, для дзьвюх такое першае наогул. Каб адна была, а другой нідзе не знайсьці. І шукаць, кажуць, няма сэнсу, бо ніхто не адважыцца шапнуць, дзе "Горача!".

Я здымаю з дачкі, як з маленькай начной капусткі, усе лісьцікі, бодзі з пальмамі, штанцы з кутасамі, і яна робіцца пупс без абгорткі, любімая Зоя, што часам і раптам неўзначай ператоргвае нас такой роднай Таняй.


А тут відэа, якое мы разарвалі ўжо на цытаты, скажам, мэйд наш дэй:



linkзьесьці ягадку

(no subject) [Jan. 27th, 2011|07:52 am]
freakadelka
Месяц таму я ў апошні раз бачыла маму. Мы набывалі пампэрсы, абдымаліся і сьмяшылі Бога плянамі на студзень. А вечарам яна сышла па сьнезе. Прыгожая, маладая і самая жывая з усіх на сьвеце.
link

мілая бузя [Oct. 26th, 2010|02:36 pm]
freakadelka
Я даўно зразумела тое, што для палякаў бузя і бузячэк - гэта нейкія інтымныя сьвяшчэнныя словы і паняцьці, калі яны ужываюцца у дачыненьні да цябе, то гэта сьведчаньне абсалютнага парадненьня, любові, якая ўратавала ад чумы, поўнага прызнаньня цябе чымсьці, што заслугоўвае вёдраў заботы ды пяшчоты. Над табой бяруць шэфства, і ты больш не належыш сабе спаўна. Упершыню гэты прынцып я ўсьвядоміла летам, ў масьляністай гушчы Белавежскай пушчы, калі стомленай вясельнай раніцай, пачынаючы ўсё больш настойліва прагнуць вызваленьня ўласнага арганізму зь нетраў срабрыстай сукенкі, апошні раз траекратна аблабызоўвала тысячу гасьцей, уручаючы ім на разьвітаньне шалёсткія скрынкі з рэшткамі салодкага стала. Лясьнік Пётрусь у ружовай кашулі, якая значна паізнасілася за ноч, як і гладзенькі пётрусеў твар, траекратна дакрануўшыся да маіх шчок сваімі, пачаў ганяцца за мной паміж сталоў і дрэў, гучна хлюпаючы нечым унутры галавы і крычучы: "Ешчэ бузяка мне дай! Бузячка дай! Дай!" Ці магла я ўсумніцца, што, сустрэўшы яго ўжо ў кастрычніку, на чарговым падляшскім вясельлі, на гэты раз чужым, акажуся цалкам у яго волі, яго ўласнасьцю, мілай бузяй, якую ён прызнаў і палюбіў яшчэ летам. Утаптаўшы мяне ў зямлю крывым цьвіком свайго вялікага носа, Пётрусь цягам гадзін хадзіў за мной, як індык за сваім яйцом, даючы парады і запрашаючы ў госьці па сто тысяч разоў.

Наогул я ім усім падабаюся, мяне ўвесь час спыняюць, каб высьветліць дарогу, папрасіць прачытаць складнікі на якім-небудзь пакеце ў краме, запытацца майго меркаваньня, падзяліцца сваім. Калі б яны маглі, яны б, напэўна, удачарылі мяне, або зрабілі зь мяне ляльку і паставілі куды-небудзь у красны вугал.

Учора я бегала па Варшаве ў ста патрэбах, адной зь якіх было імгеннае фота на дакумэнты. Заскочыўшы ў фотасалон, дзе імгненьне абяцалі расьцягнуць усяго на 3 хвіліны, я нават не падазравала, што там акажацца логава німфаманкі, павучыхі, якая незаўважна агортвае ўсё сваёй клейкай фотасьлінай, а потым пераварвае гэта, не жуючы, як зьмяя. Жанчына, якая павінна была зрабіць мне 4 картачкі за 3 хвіліны, ужо 10 зь іх размаўляла па тэлефоне пра справы сямейныя, пры гэтым ня зводзячы зь мяне сваіх мутных вачэй. Потым яна запрасіла мяне ў сваю "студыю" - вялікі пакой, цалкам запоўнены дабіткамі фотатэхнікі розных гадоў і грудамі пастановачных фотаздымкаў зь дзецьмі, сем'ямі, сабакамі, жаніхамі і нявестамі - людзі на фотаздымках выглядалі так, быццам ім адмыслова заклейвалі адно вока і ляпілі земляную грушу з носа - асымэтрыя твару была па-майстарску прадуманай для ўдзелу у парадзе ўродцаў. Больш таго: усе здымкі былі як зь іншага часу, як зь мінулай мінуўшчыны, як з савецкіх кінафільмаў.

Усадзіўшы мяне на скураное крэсла, цёця-фатограф наблізілася да майго твару і пачала яго інтэнсіўна разглядаць. Кампазіцыя водараў, якая склалася паміж намі, дазволіла мне беспамылкова вызначыць, што, сумуючы бяз працы, гаспадыня фоталогава балуецца рознымі вішнёвымі лікёрамі, салодзенькай гарэлачкай, бурштынавым каньячком. Араматызуючы паветра, цёця раптам дастала скрынку і пачала мяне пудрыць, прыгаворваючы, што такая мілая бузя не траплялася ёй даўным даўно, толькі трэба тэрмінова замазаць сінячкі пад вачамі, нафарбаваць доўгія вейкі і наогул - дадаць мне тон. Я ўзмалілася, запрычытала пра адсутнасьць часу і сваю бязьмежную любоў да натуральнасьці. "Бузячэк, ты павінна думаць толькі пра тое, каб добра выглядаць на гэтым фотаздымку, якая ў цябе буууууууузя", - застагнала цётка, абдаўшы мяне чарговай порцыяй алькагольнага паветра. Варочаючы маю галаву рукамі, яна гладзіла мяне па валасах, паўтарала "бузя, бузя", прымушала мяне мяняць позу па некалькі разоў. "Пазуй мне!" - злавалася яна, ізноў хапаючыся за фотаапарат. Урэшце я ня выцерпела і зьлезла з крэсла, узмаліўшыся пра час, пра жыцьцё, якое мінае там, за вокнамі, не зазіраючы ў гэты павучыны кут, пра месцы, у якія я не пасьпею, калі вось яшчэ толькі адзін кантрольны кадр. Фотацёця была ў гневе і запале. Друкуючы фотаздымак, які я выбрала (самы першы кадр), яна выла, як моцна я яе расчаравала, што ў мяне такая бузя, і можна зрабіць самае прыгожае фота на зямлі, а я, бачыце, зусім ня руплюся тым, як выглядаю. я сьпяшаюся, я раню ёй сэрца. Потым яна ўсё ж кінулася паказваць мне здымкі, на якіх, па-ейнаму, я атрымалася прыгожай. Паўсюль у мяне быў моцна скрыўлены, спалоханы твар, на ім жах і агіда.

Калі я выбягала з фотасалону, павучыха, наштампаваўшы невядома для чаго вялізную колькасьць гэтых мутных спужаных здымкаў і прысвоіўшы сабе палову маіх грошай, усё яшчэ працягвала енчыць мне ўсьлед пра тое, як моцна я яе раніла. Здымкі мне ўрэшце не спатрэбіліся, але я ня ведаю, што зь імі цяпер зрабіць.
link9 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

вясельле, happy & [Jul. 2nd, 2010|03:24 pm]
freakadelka
[muzika |Skunk Anansie - You'll Follow Me Down]

Я, як Наташа, увесь час на балу.

Вось пад вокны пад'ехала каманда чорных кадзілакаў, зь іх павыскоквалі нейкія таржэственныя людзі ў каляровай сынтэтыцы, абчапляныя кветкамі і цукровымі пеўнікамі, і пазаляталі ў дом. Рэшта вылезла з машын пачала тут жа рамантаваць карбюратары і надзімаць кіслотныя шары ў форме сердца. Мужчыны засяроджана мацуюць да капоту канструкцыю з фальгі - капот гарачы, мужчыны таксама, фальга пераможна адвальваецца. Дзеці ў белых карунках, як да першай камуніі, валтузяцца ў пясочніцы, мамы ў золаце на потных грудзях з ружовымі плямкамі перажываньня папраўляюць ім беласьнежныя сьвяточныя трусішкі. На эркерах усіх паверхаў вісяць дэкрэтніцы з сівымі тварамі пасьляродавай дэпрэсіі і насьцярожана цікуюць за дваравым дзействам - у іх свадзьба цяпер толькі ў альбоме "наша свадзьба". Вось малады, імкнучыся ня страціць раўнавагу, вывалоквае з пад'езду грандыёзны букет: пацаны зь дзіцячай пляцоўкі з тварамі Ўэса Снайдэра тут жа цэляць у яго мячом. Малады пыжыцца, тужыцца, быццам спрабуе адкаркаваць пад'езд, каб палілася шыпучым шампусікам гамана і празьнічны азарт: чорны пінжак з залацістай нотай вось-вось лопне на яго надрыўным сілуэце. Пад'езд сапраўды разраджаецца цёцямі ў кальчужных бранзалетах, дзядзямі зь нейкімі асабліва замулянымі, гаражнымі тварамі, вераніцай веранік і сьняжан у пазычаных сукенках са сьлядамі мінулагодніх банкетаў у завадской сталовай "Палерма". Сваты і свацьці з гадавымі кольцамі спрабуюць упіхнуць белы піражок нявесты ў машыну - сукенка такая вялізная, што ўвесь час разрастаецца дражджавым цестам, дзьверцы не захлопваюцца. Сабакі галосяць, машыны клаксоняць, хлопчык у пясочніцы адзяе сіняе вядзерца разам зь пясочкам на галоўку дзевачцы, пакуль іх мамы безадрыўна сочаць за гулкім ад'ездам вясельнага маршу, вясёлага фаршу.

Я гляджу ў вакно і разумею: застанься я тут назаўсёды, прысохні да гэтага вакна, і жыцьцё вывернецца для мяне ў зразумелую, ясную схему бясконцых прыездаў пад пад'езд. Вось маладыя зьехалі, цяжарная паехала нараджаць, дзіцё сьпякло пяшчаную катлетку на хуткай дапамозе, што прыехала да яго бабулі, вось прыехалі на юбілей, цяпер забралі ў шпіталь, вярнулі, надзеі няма, прыехалі і зьвезьлі назаўсёды, вызвалілі месца, а вось зноў маладыя з караваямі - нада ж, а я помню, как Косьця пад стол хадзіў. Наш двор толькі пачынае жыць, затое я бачу ідэальны шанец ніколі ня страціць адчуваньне часу, узросту, пераменаў, набліжэньня канца. Самае галоўнае, што большасьць тут так і застанецца пры вакне.

Я - не. Мне ўвесь час здаецца, што можна зьбегчы, што можна ўсё стрымаць і ўсё перажыць па-іншаму і некалькі разоў. Магчыма, я моцна памыляюся, але зараз пераконваць мяне ня трэба.
link4 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

tags: цудоўнае [May. 30th, 2010|12:48 pm]
freakadelka
Калі я і пачну аднойчы біцца, то гэта будзе бітва за гарачую ваду.

Ехала ў Варшаву глядзець на цудоўнае, але канцэрт Руфуса Уэйнрайта празь недабор ахвотных і білетную дарагавізну адмянілі, а нам прыйшлося выменьваць нашыя дарагія білеты на тоўсты стос купюр. Цяпер мы ва ўсю захопленыя працэсам "праяданьня Руфуса". "У мяне такое ўражаньне, што я зараз грызу яго вуха", - кажу я спакойна, засоўваючы ў рот самую невядомасьць у індыйскай рэстарацыі. "Вось яшчэ з Руфуса засталося, схадзі, купі сабе сукенку якую-небудзь", - храбусьціць банкнотамі П., копія самога Руфуса.

Пра Руфуса магу дадаць, што мы зь ім нарадзіліся ў адзін дзень, таму, цалкам усьведамляючы асаблівасьці "пагранічнікаў" (народжаных на памежжы знакаў задыякаў), не зьдзіўлюся, калі ён накліча на палякаў які-небудзь чарговы патоп.

У самой Варшаве, што праўда, пра патоп ужо ўсе забыліся, як і пра астатнія горы-беды. У цэнтры дзеці з размаляванымі пад коцікаў ды мышак тварамі весела скачуць паміж ружовымі намётамі з надпісамі pianki jojo kaczki і партрэтамі вялікіх задаволеных качараў з цукеркавых пачкоў nestle. У некалькіх мэтрах ад іх чорна-белыя Качыньскія, перавязаныя жалобнай стужкай, навісаюць над больш чым сьціплай грудай сьвечак. Вуліцу перакрываюць за імгненьне, і па ёй вальяжна коціцца несканчальная крытычная маса - ровары-ровары, колы, сьпіцы, раварысты з такімі тварамі, быццам аб'еліся торту. Мы ідзем на жыдоўскую вуліцу, а трапляем на парад за легалайз: нос казычуць пахі ўсіх імаверных марыхуан, тысячы каляровых людзей у майках з канабісам патрабуюць свабоднай канаплі. Кажуць, што такія імпрэзы санкцыянуюць, каб зафіксаваць наркаманаў, але я ня ведаю, ці гэта праўда.

Учора ўначы езьдзілі ў гарадок Жырардув, які, па інтэрнэтных сьведчаньнях, стаіць на рацэ з жывапіснай назвай Піся Гонголіна. Па нашых уласных сьведчаньнях, мястэчка навявае адчуваньне лёгкай жудасьці, асабліва ўначы, калі ідзеш аднолькавымі, неверагодна ціхімі, як нежылымі, цёмнымі вуліцамі, забудаванымі глухімі каменнымі дамамі з чырвонай цэглы. Чырвоная цэгла там дамінуе ў ва ўсім, затое ў вялікай устрашальнай фабрыцы (з чырвонай цэглы, безумоўна) ужо пасяліўся і ўвайшоў у свае правы капіталізм, залатая антылопа.

Кажуць, што змрочны вулканічны холад праглыне сёлятняе лета. Людзі ўвесь час нешта кажуць, дай сабаку загаварыць - і не такое пачуеш.
link2 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

cool today, cold tomorrow [May. 6th, 2010|03:44 pm]
freakadelka
[muzika |Khoiba - pathetic]


Лютыя халады запаўзаюць у пасьцель пад раніцу, мы верашчым, падрываемся і пачынаем мітусіцца па кухні: заспаныя, акачанелыя - амаль што фэстывальныя, толькі бяз тых алькагольных хамячкоў ў роце - варым кавы, гарбаты, кіпяцім ваду, адкручваем краны газу, апранаем рукавіцы на ногі і моўчкі гартаем карцінкі з Мадагаскару. Эдыта казала, што там заўсёды цёпла, у жытлах няма пакояў, і кухня - гэта мангал на вуліцы. У нас жа на вуліцы - вечная восень, затое праз несупадзеньне сэзонных кодаў ня так адчуваецца майская трагічнасьць. Непрыемна толькі, калі ежа замярзае па дарозе з талеркі ў рот.

Усе просяцца ў госьці, але ніхто не прыходзіць. Вядома, усім здаецца, што нагамі гэта ажыцьцявіць нерэальна - здалёку мы наогул горад-порт ("Гэта ж Адэса!" - крычыць Насьця яшчэ на кальцавой), пад'ёмных кранаў тут дакладна больш за людзей. Яны ветліва прашмыгваюць перад самым носам, кранаўшчыца з улыбкай Джаконды сарамліва адводзіць пагляд ад бессаромнай нясьцеленасьці ложкаў.

(Давайце не забудзем прайсьці па тэматычнай спасылцы - гэта настолькі цудоўна, што я баюся пераглядаць, каб не падсесьці. Навастроечкі, камуналачкі,  каменныя джунглі!)

Яшчэ мне цяпер здаецца, што я авалодала нябачнасьцю. Дастаткова ступіць пару ціхіх крокаў назад, у цень, як цемра глазуруе цябе, і ты зьнікаеш, як пад казачным плашчом. Цябе ня бачаць, ня чуюць і нават перастаюць памятаць, што ты ёсьць. Нясуцца празь цябе, занятыя сваімі будзённасьцямі, а ты заміраеш, занятая толькі назіраньнем. Зрэшты, уплываць і ня хочацца.

Ня ведаю, у чым прырода гэтага спакою. Калі б я зараз стала сабачкам, гэта б апрадзялённа быў басэт.
link4 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

(no subject) [Mar. 17th, 2010|01:16 am]
freakadelka
 Дарагія сябры! Жадаем, каб усе вашыя верасьні праходзілі толькі так:

 
link16 не пасаромеліся|зьесьці ягадку

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]